СТАЛЬНЫ́Я КАНСТРУ́КЦЫІ,

канструкцыі, элементы якіх зроблены са сталі розных марак (нізкавугляродзістай, нізкалегіраванай, высокатрывалай і інш.). Вызначаюцца адноснай лёгкасцю, разнастайнасцю форм, высокай трываласцю, індустрыяльнымі спосабамі вырабу і мантажу, магчымасцю выкарыстання ў спалучэнні з інш. матэрыяламі.

Стальнымі робяць: нясучыя канструкцыі і агараджальныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, разнастайныя вісячыя, зварныя, ліставыя, танкасценныя канструкцыі (гл. адпаведныя арт.); газа- і нафтаправоды, воданапорныя, радыё- і тэлевізійныя вежы, апоры ЛЭП, пралётныя канструкцыі мастоў, рэзервуары, марскія платформы, буравыя вышкі, нясучыя канструкцыі пад’ёмных кранаў і інш. Асн. недахопы С.к. — схільнасць да карозіі і зніжэнне трываласці пры высокіх т-рах.

Стальныя канструкцыі: 1 — двухтаўровая пракатная бэлька; 2 — бэлька-швелер; 3 — трохвугольная ферма; 4 — суцэльная рама; 5 — папярэдне напружаная вантавая канструкцыя; 6 — арка з зацяжкай; 7 — прасторавы стрыжнёвы купал; 8 — прасторавая канструкцыя з плоскіх фермаў.

т. 15, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)